Авторизация

Главная > НАРБ в прессе > Аб выніках навукова-тэхнічнай пераапрацоўкі асабістага фонду К.Б.Езавітава

Аб выніках навукова-тэхнічнай пераапрацоўкі асабістага фонду К.Б.Езавітава

Андрэй Буча

галоўны архівіст

аддзела асабістых фондаў

 

У 2003 г. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь вырашыў правесці працу па ўдасканаленню фондаў асабістага паходжання так званых “беларускіх буржуазных нацыяналістаў” (Канстанціна Барысавіча Езавітава, Васіля Максімавіча Русака, Івана Абрамавіча Ермачэнкі, Уладзіміра Ільіча Сядуры і Антона Яўстафьевіча Адамовіча), ў сувязі з пераацэнкай ролі вышэйадзначаных дзеячаў сучаснай беларускай гістарыярафіяй. У 2004 г. аддзел асабістых фондаў архіва распачаў пераапрацоўку дадзеных фондаў. На працягу 2004–2006 гг. былі пераапрацаваны асабістыя фонды І.А. Ермачэнкі, В.М. Русака, У.І. Сядуры. Асабісты фонд А.Я. Адамовіча быў перададзены як няпрофільны ў БДАМЛІМ.

Пераапрацоўка асабістага фонду К.Б. Езавітава пачалася ў верасні 2006 г. Неабходнасць расфарміравання спраў асабістага фонду К.Б. Езавітава была выклікана наступнымі прычынамі: адсутнасцю ў вопісах фонду пэўнай сістэматызацыі спраў і гісторыка-біяграфічнай спраўкі; знаходжаннем частак аднаго дакумента ў розных справах; неадпаведнасцю загалоўкаў большасці спраў зместу дакументаў, якія ў іх знаходзіліся; знаходжаннем дублетных дакументаў у розных справах ці ў адной і той жа, але ў розных месцах.

Пад час працы па ўдасканаленню асабістага фонду К.Б. Езавітава супрацоўнікі аддзела асабістых фондаў сутыкнуліся з шэрагам праблем (цяжкасцямі ў вызначэнні аўтарскай прыналежнасці дакументаў, пры анатаванні выяўленчых матэрыялаў і фатаграфій, дакументаў на замежных мовах), якія паўплывалі на значнае павелічэнне тэрміну выканання дадзенай працы. Да таго ж пераапрацоўкай асабістага фонду К.Б. Езавітава займаліся некалькі супрацоўнікаў, якія мелі розныя погляды на фарміраванне і сістэматызацыю спраў. Гэтыя абставіны выклікалі пэўныя недарэчнасці, звязаныя са складаннем пераводнай табліцы на расфарміраваныя справы.

У перыяд пераапрацоўкі асабістага фонду К.Б. Езавітава ў фондзе былі выяўлены дакументы Т.Т. Грыба, А.В. Салаўя і Беларускай Рады ў Празе. Акрамя гэтага, дакументы вышэйадзначаных асоб і арганізацыі былі знойдзены ў асабістым фондзе В.М. Русака. Вывучэнне справы фонда К.Б. Езавітава дапамагло ўстанавіць, што з 1951 г. існавалі асобныя фонды  Т.Т. Грыба, А.В. Салаўя і Беларускай Рады ў Чэхаславакіі, якія ў 1955 г. былі далучаны да асабістага фонду К.Б. Езавітава. У маі 2009 г. было прынята рашэнне аб расфандзіраванні фонда К.Б. Езавітава і стварэнні асобных фондаў Т.Т. Грыба, А.В. Салаўя, Беларускай Рады ў Празе і далучэнні да іх спраў, выяўленых ў асабістым фондзе В.М. Русака.

Пераапрацоўка і расфандзіраванне асабістага фонду К.Б. Езавітава было завершана ў сакавіку 2010 г. У выніку праведзенай працы створаны наступныя фонды:

·        фонд № 458 – беларускі грамадска-палітычны дзеяч Канстанцін Барысавіч Езавітаў; вопіс № 1 за 1913, 1918–1944 гг. у колькасці 191 справы;

·        фонд № 567 – беларускі грамадска-палітычны дзеяч Тамаш Тамашавіч Грыб, вопіс № 1 за 1921–1937 гг. у колькасці 29 спраў;

·        фонд № 568 – намеснік галоўнага рэдактара беларускага часопіса “Новы шлях” Алесь Салавей (сапр. Радзюк Альфрэд Васілевіч), вопіс № 1 за 1943–1944 гг. у колькасці 5 спраў;

·        фонд № 571 – беларуская грамадска-палітычная арганізацыя ў Чэхаславакіі “Беларуская Рада ў Празе”, вопіс № 1 за 1923–1929 гг. у колькасці 6 спраў.

Ва ўсіх вышэйадзначаных фондах дакументы ў справах сфарміранваны па тэматычна-храналагічным і намінальным прызнаках.

Дакументы дадзеных фондаў знаходзяцца ў дрэнным стане і іх далейшае выкарыстанне можа стать пагрозай для іх існавання. Таму было прынята рашэнне, што ў бліжэйшы час аддзелам аўтаматызаваных архіўных тэхналогій будзе праведзена алічбоўка фондаў К.Б. Езавітава, Т.Т. Грыба, Алеся Салаўя і Беларускай Рады ў Празе. На сённяшні дзень ўжо алічбаваны газеты з асабістага фонду К.Б. Езавітава.

Асабісты фонд К.Б. Езавітава. Дакументы дадзенага фонду размешчаны ў сямі раздзелах.

Сярод біяграфічных дакументаў (першы раздзел) цікавасць прадстаўляюць дыпламатычны пашпарт, працоўная кніжка, пасведчанне ўпраўляючага Міністэрства беларускіх спраў пры літоўскім урадзе, сшытак з асабістымі запісамі К.Б. Езавітава.

Другі раздзел складае даволі багатая перапіска К.Б. Езавітава. Гэта пісьмы К.Б. Езавітава (М. Абрамчыку, К. Душэўскаму, І. Ермачэнку, В. Іваноўскаму, С. Кажану, А. Калубовічу, А. Луцкевічу, Я. Найдзюку, В. Русаку, Я. Шутовічу, «Беларускай народнай самапомачы» ў Берліне, Беларускай дзяржаўнай бібіліятэцы і інш.), пісьмы К.Б. Езавітаву (М. Абрамчыка, П. Бакача, І. Ермачэнкі, Я. Найдзюка, В. Русака, С. Сахарава, Сіманоўскага, У. Сядуры, А. Шкутко, А. Якубецкага і інш.), пісьмы ўстаноў і арганізацый, у якіх працаваў К.Б.Езавітаў (Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі, таварыства «Бацькаўшчына» і інш.).

У трэцім раздзеле размешчаны кнігі і артыкулы, напісаныя К.Б. Езавітавым (артыкулы: «Поляки в Западной Белоруссии. Факты из польской оккупации, 1918–1919 гг.», «Першы Усебеларускі кангрэс» і інш.; кнігі «Становішча беларускай школы ў Латвіі», «Беларусы ў Латвіі», «Беларусы ў Літве» і інш.).

Чацвёрты раздзел прысвечаны працы К.Б. Езавітава ў 1918–1921 гг. Гэта дакументы Міністэрства беларускіх спраў пры ўрадзе Літвы, Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, часопісы «На чужыне», «Бацькаўшчына», статуты Гродзенскага і Рыжскага аддзелаў Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Бацькаўшчына», бюлетэні Беларускага прэс-бюро ў Рызе і інш.

Пяты раздзел, які ахоплівае перыяд жыцця і дзейнасці К.Б. Езавітава ў Латвіі (1921–1944 гг.), складаецца з двух падраздзелаў. Першы адлюстроўвае грамадска-палітычны бок жыцця беларускай нацыянальнай меншасці ў Латвіі, а другі ўключае дакументы, якія асвятляюць культурна-асветніцкі бок жыцця беларускай нацыянальнай меншасці ў Латвіі. Сярод матэрыялаў дадзенанга раздзелу варта адзначыць дакументы па выбарах ў Латвійскі сейм у 1922, 1925 і 1928 гг., дакументы аб дзейнасці Дзвінскай гарадской думы, рады Дзвінскіх беларускіх арганізацый, беларускіх арганізацый у Латвіі («Прасветы», «Беларускай Хаты», Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі, таварыстваў «Рунь» і «Араты», Беларускага таварыства ў Латвіі, Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства ў Латвіі, «Таварыства беларусаў-выбаршчыкаў», Беларускага нацыянальнага аб’яднання ў Рызе, Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Бацькаўшчына»), Люцынскай гімназіі, Рыжскай прыватнай беларускай школы, Другой беларускай пачатковай школы г. Рыгі, Першай народнай пачатковай школы г. Рыгі, Беларускай вячэрняй школы г. Рыгі, беларускага настаўніцтва г. Рыгі, г. Дзвінска і Дзвінскага павета і інш.

У шостым раздзеле змешчаны індывідуальныя фатаграфіі К.Б. Езавітава, яго сяброў, знаёмых, калег па працы, а таксама фатаграфіі ў групе з роднымі, калегамі па працы, вучнямі.

Сёмы раздзел прадстаўляюць дакументы, сабраныя К.Б. Езавітавым для сваіх прац і па тэмах, якія цікавілі яго. У дадзеным раздзеле вялікую навуковую вартасць маюць матэрыялы аб БНР (аб’ява Народнага Сакратарыята Беларусі, мемарандум урада БНР да Генуэзскай канферэнцыі, артыкулы пра БНР), дакументы загранічнай групы БПС-Р (рэзалюцыя нарады, інструкцыя, адозвы), статут, мэты і задачы Беларускага грамадскага камітэта ў Германіі дапамогі галадаючым у Беларусі, бюлетэні Беларускага прэс-бюро ў Коўне, праца К. Каўцкага «Ірландыя» (у перакладзе І. Дварчаніна), падрыхтоўчы матэрыял С. Сахарава да кнігі «Народная творчасць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў», часопісы «Колас беларускай нівы», «Крывічанін», «Рунь», «Вайсковы», асобныя экзэмпляры і падшыўкі газет «Крыніца», «Савецкая Беларусь», «Беларуская справа», «Сегодня», «Голас Беларуса», «Беларускі звон», «Беларусь», «Барацьба», «Двинский голос» і інш.

Асабісты фонд Т.Т. Грыба. Дакументы дадзенага фонду размешчаны ў трох раздзелах.

Першы раздзел уключае рукапісы Т.Т. Грыба. Цікавасць прадстаўляюць наступныя дакументы: артыкулы Т.Т. Грыба («Тэзісы аб культурна-нацыянальным аб’яднанні беларускага студэнцтва ў Празе», «Дзве дагоды», «Што такое канструкцыйны сацыялізм», «Вялікаруская дэмакратыя і яе адносіны да нацыянальнага пытання» і інш.), напісаныя ім у асноўным у «пражскі» перыяд жыцця; прамовы Т.Т. Грыба, прачытаныя ім на сходах Камітэта загранічных груп  БПС-Р, урачыстым адкрыцці помніка на магіле П. Крачэўскага ў Празе; нататкі розных гадоў, прысвечаныя крытычнаму разгляду працы Я. Карскага “Беларусы”, а таксама чарнавыя накіды праграмы сацыялагічнага вывучэння вёскі і мястэчка і праграмы беларусазнаўства для абсальвентаў-беларусаў Украінскага педагагічнага інстытута ў Празе і інш.; бібліяграфіі і спісы, складзеныя Т.Т. Грыбам у перыяд працы ў Беларускім навуковым кабінеце і Беларускім загранічным архіве ў Празе.

У другі раздзел увайшла перапіска Т.Т. Грыба. Гэта пісьмы Т.Т. Грыба ў Віленскі акруговы камітэт БПС-Р, дырэкцыі г. Прагі (Чэхаславакія), У. Шалешку, М.Я. Шапавалу, чарнавікі пісем К.Б. Езавітаву,  Беларускаму культурна-асветніцкаму таварыству ў Літве, а таксама пісьмы Т.Т. Грыбу ад Бароўскага, Гайдоўскага-Паталовіча і С.М. Некрашэвіча.

У трэцім раздзеле размешчаны карэспандэнцыя і матэрыялы часопісаў («Іскры Скарыны», «Саха»), у якіх працаваў Т.Т. Грыб. Гэта – артыкулы, пісьмы, паштоўкі, адрасы беларускіх выданняў і інш.

Асабісты фонд Алеся Салаўя. У дадзеным фондзе пераважаюць дакументы фондаўтваральніка. Гэта аўтабіяграфія Алеся Салаўя, яго вершы, надрукаваныя ў часопісе «Новы Шлях» (з заўвагамі К.Б. Езавітава), а таксама аўтограф верша Алеся Салаўя «Сягаць не раю аж пад неба» і нататка пра У. Сядуру.

Беларуская Рада ў Празе. У гэтым фондзе прадстаўлены наступныя дакументы: пратакол устаноўчага сходу ініцыятыўнай групы заснавальнікаў Беларускай Рады ў Празе ад 6.11.1923 г., пратаколы сходаў прэзідыума дадзенай арганізацыі за 1923–1925 гг., дакументы ініцыятыўнай групы па святкаванні 6-х угодкаў незалежнасці БНР, матэрыялы камісіі па разбору справы братоў Пяткевічаў за 1923–1924 гг., абвестка Беларускай Рады ў Празе аб рэгістрацыі беларусаў у Чэхаславакіі ад 12.10.1924 г. і пратакол рэвізійнай камісіі гэтай арганізацыі за 28.12.1929 г., статут Беларускай Рады ў Празе.

Такім чынам, матэрыялы дадзеных фондаў будуць карыснымі для даследчыкаў гісторыі станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў ХХ ст., грамадска-палітычнай і культурнай дзейнасці беларускай дыяпары ў Чэхаславакіі і Латвіі ў міжваенны перыяд. Акрамя таго дадзеныя фонды змяшчаюць вельмі каштоўныя звесткі па дзейнасці беларускіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Да таго ж багаты матэрыял, звязаны з жыццёвым і творчым шляхам выбітных і неадназначных прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху К.Б. Езавітава і Т.Т. Грыба можа быць з плёнам выкарыстаны пры працы з гэтымі фондамі.

 

220114, г. Минск,
пр-т Независимости, 116
Читальный зал: тел. (017) 351-05-12
Приемная: тел/факс (017) 272-67-78
Отдел использования документов и информации: тел. (017) 272-29-52
narb@narb.by